У жыцці кожнага чалавека надыходзіць такі момант, калі пачынаеш разумець і шкадаваць, што нешта, што можна было б, ты не зрабіў, не паспеў, упусціў магчымасць пагаварыць з цікавым чалавекам, запісаць успаміны…
Аб гэтым я пачаў яшчэ больш задумвацца пасля выхаду першай кнігі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!». Вельмі актуальная і важнейшая акцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і непасрэдна Інстытута гісторыі НАН Беларусі для кожнага члена нашага грамадства. Акцыя, якая была прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі, стала пастаяннай, новыя матэрыялы паступаюць нам амаль кожны дзень. Ты размаўляеш з супрацоўнікамі Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі, выступаеш на канферэнцыях, круглых сталах і дыялогавых пляцоўках, у СМІ і ўспамінаеш пра сваё…
У школьныя гады (Хвінявіцкая СШ Дзятлаўскага раёна) мы са сваім класным кіраўніком Аляксандрам Васільевічам Канюшкевічам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ведалі кожнага вясковага ветэрана, актыўна дапамагалі ім, амаль штогод хадзілі ў паходы па месцах партызанскай славы, можна сказаць нават, што прабіраліся ў некаторыя месцы своеасаблівымі «партызанскімі сцяжынкамі». Накрышкі, Чырвоны Бор, Пушча-Ліпічанская, Раманавічы, Дубраўка, Дзям’янаўцы… Але, на вялікі жаль, спецыяльных запісаў успамінаў удзельнікаў вайны не рабілі, можа думалі, што яшчэ паспеем…
А ўжо будучы дарослым падчас археалагічных экспедыцый я зноў часта бываў у гэтых і іншых вёсках Пашчар’я і Панямоння, заўсёды спыняўся каля маста праз р. Шчара каля гары Высокія Магліцы, дзе былі расстраляны жыхары в. Вялікая Воля. Каб успомніць тую далёкую, але і блізкую трагедыю страты родных мясцовага жыхара Івана Іосіфавіча Павачкі… Каб ніколі не забыць генацыд беларусаў на прыкладзе знішчэння вёсак у Ліпічанскай пушчы: «Вёска Пушча Ліпічанская. Да вайны ў вёсцы было 156 двароў, пражывала 318 жыхароў… У снежні 1942 г. фашысцкія карнікі ўварваліся ў вёску, спалілі 106 двароў, расстралялі і спалілі жывымі 109 яе жыхароў»; «Вёска Гарадкі. У вёсцы да вайны меўся 51 двор і пражывала 385 жыхароў. 13 і 16 снежня 1942 г. фашысцкія карнікі ў два заходы знішчылі 48 двароў, растралялі і спалілі жывымі 367 яе жыхароў»; «Веска Трахімавічы. Да вайны было 23 двары, у якіх пражывала 165 чалавек. У снежні 1942 г. гітлераўскія каты акружылі вёску, спалілі 22 двары, расстралялі 142 яе жыхароў»; «Вёска Дубраўка. Да вайны ў вёсцы налічвалася 62 двары, пражывала 279 жыхароў. 1 кастрычніка 1942 г. фашысцкія карнікі спалілі вёску, расстралялі 102 яе жыхароў»; «Вёска Вялікая Воля. У вёсцы было 104 двары, пражывала 430 чалавек. 14 і 16 снежня 1942 г. фашысцкія каты акружылі вёску, спалілі ўсе дамы, растралялі і спалілі жывымі 364 мужчын, жанчын, дзяцей»…
Сёння многія кажуць, што ўдзельнікі вайны не вельмі ахвотна дзяліліся ўспамінамі са сваімі роднымі пра тыя цяжкія часы. Успамінаю, што вельмі мала мы гаварылі пра вайну і ў сваіх сем’ях. Бабулі амаль не дзяліліся ўспа- мінамі пра тыя гады жыцця.
І зараз, калі размаўляю ўжо з маёй мамай Раісай Уладзіміраўнай Лакіза, яна таксама кажа пра гэта. Яе мама (Вольга Іванаўна Лях, 1916 года нараджэння) падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ў в. Ляхі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Адным з найбольшых уражанняў для яе і вяскоўцаў на ўсё жыццё заставалася расправа над вязнямі Клецкага гета… Сама ж вёска знаходзілася далекавата ад тэрыторыі асноўных падзей. Іншых слоў было мала, у большасці ўсё лаканічна, немцы, партызаны, голад, складана… Бацька мамы, Уладзімір Паўлавіч Фалітар, 1914 года нараджэння, не прызываўся па стане здароўя, не ваяваў, часам дапамагаў партызанам як сувязны. З 1945 года працаваў на шахтах Кузбаса, моцна пацярпеў падчас аварыі ў шахце…
і сястрой Юляй Мікалаеўнай Нагавонскай
Другая мая бабуля (Ганна Мікалаеўна Лакіза, у дзявоцтве Нагавонская, 1923 года нараджэння) з в. Явар Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. З маленства я ведаў, што баба Аня, як унукі яе называлі, і яе сястра баба Юля, былі вывезены падчас вайны ў Германію, цяжка працавалі. Але таксама падрабязна бабуля пра тыя гады нам унукам не расказвала. Ужо пасля выхаду кнігі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Дзятлаўскі раён», мы дакладна даведаліся пра лёс яе роднага брата Канстанціна Мікалаевіча Нагавонскага, 1920 года нараджэння, які загінуў у 1943 годзе. Канстанцін разам са сваімі аднавяскоўцамі былі членамі Яварскай падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі (існавала з верасня 1941 па ліпень 1944 года) (паводле некаторых успамінаў — намеснікам кіраўніка арганізацыі). Вясной 1943 года Канстанцін стаў партызанам. У час аднаго з рэйдаў на чыгунку каля станцыі Гаўя 1 лістапада 1943 года ён прыкрываў адыход групы, быў цяжка паранены ў ногі, прыняў агонь на сябе і падарваў сябе гранатай. У кнізе «Памяць» пазначана, што пахаваны Канстанцін у в. Лудзічы.
Пра апошнія звесткі мне расказвала мая родная цётка, Людміла Мікалаеўна Лапата (Лакіза) — гісторык, якая пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ўсё жыццё працуе настаўнікам гісторыі на Дзятлаўшчыне. На маё рашэнне стаць гісторыкам аказала значны ўплыў менавіта Людміла Мікалаеўна, а ўжо выбраць прафесію археолога — класны кіраўнік Аляксандр Васільевіч… Калі ж ў маёй цёткі пытаюцца, чаму яна стала настаўнікам гісторыі, то адказ атрымліваецца даволі нечаканы: «Звычайна кажуць, што палюбіць гэты прадмет дапамагла настаўніца, а для мяне гэта была яшчэ і мая мама». Давайце пачытаем разам, чаму…
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Вадзім Леанідавіч Лакіза
(г. Мінск)