Усё далей адыходзяць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але яшчэ і сёння, праз 75 гадоў пасля Перамогі, застаецца безліч невядомых імён простых людзей, мужных патрыётаў сваёй Радзімы. Доўгі час не прынята было ўспамінаць і ўшаноўваць царкоўных дзеячаў. А між тым яны таксама ўнеслі значны ўклад у перамогу над фашызмам.
Прозвішча Хільтовы ў вёсцы Садовая Клецкага раёна знаёмае кожнаму прыхаджаніну мясцовай царквы. Мікалай Хільтоў, яго браты Георгій і Серафім былі святарамі Клецкіх прыходаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўся сям’я Хільтовых стала партызанскай. Уласны дом бацюшкі Мікалая быў адначасова і шпіталем, і штабам партызан, складам зброі і базай адпачынку для дыверсійных груп. Тут рэгулярна спыняліся падрыўнікі перад выхадам на чыгуначную лінію Гарадзея — Пагарэльцы. Неаднаразова наведваліся камандзіры і камісары. Ва ўсіх справах святару дапамагала яго жонка Наталля Іванаўна, дочкі Надзя і Кіра. Яны перапісвалі зводкі Савецкага Інфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, газеты сярод насельніцтва навакольных вёсак, у Клецку і Нясвіжы. Наталля Хільтова была самай сапраўднай медсястрой для хворых і раненых партызан.
Лідзія і Георгій Хільтовы
Два гады Хільтовы супрацоўнічалі з партызанамі. Не раз былі на валасок ад смерці, але, магчыма, Бог аберагаў іх. І ўсё ж такі знайшоўся здраднік, які выдаў сям’ю святара фашыстам.
6 красавіка 1944 года гітлераўцы арыштавалі братоў Хільтовых і іх жонак. Пасля жудасных допытаў у Клецкай камендатуры яны апынуліся ў Баранавіцкім СД, адкуль іх адправілі ў Калдычэўскі лагер смерці. Загінулі ўсе Хільтовы пакутніцкай смерцю амаль перад самым вызваленнем.
Пасля гібелі айца Мікалая ў царкве, дзе ён служыў, працягваліся богаслужэнні. У 1963 годзе царкву зачынілі, а восенню 1965 года разбурылі. І толькі 12 ліпеня 2005 года ў адноўленай царкве прайшла першая літургія.
Дзякуючы людской памяці сёння працягвае стварацца аповесць аб хрысціянскім подзвігу святароў Хільтовых. Кожная служба ў Іаана-Прадцечанскай царкве ў вёсцы Садовая пачынаецца з памінальнага малебна аб загінулых братах-святарах. Я часта прыходжу ў царкву. І разам з бацюшкам прамаўляю гэтае прозвішча: «Хільтовы — Мікалай і Георгій».
Сям’я Хільтовых. Сядзіць Аляксандр Хільтоў з унучкай Валяй. Стаяць (злева направа): Мікалай і Серафім, Кіра, Наталля, Надзея, Вольга Хільтова (Фалітар) з дачкой Марусяй, Георгій і Лідзія (Валасовіч) Хільтовы. 1939 г.
Я ніколі не ведала гэтых людзей. Яны жылі і памерлі задоўга да майго нараджэння. Але іх лёс для мяне стаў яскравым прыкладам вернага, самаадданага служэння сваёй Айчыне.
Памятныя дошкі, прысвечная братам Хільтовым
у вёсцы Садовая і г. Клецку
… Схіляючы галаву, я кладу чырвоныя ружы ля памятнай дошкі, і ціха шапчу словы шчырай малітвы за братоў Хільтовых, якія ў далёкім 1941 годзе зрабілі ўласны выбар: цаною свайго жыцця далі нам магчымасць нарадзіцца і жыць, каб любіць сваю зямлю, берагчы мір і помніць пра вайну.
Чалавечая памяць непадуладна часу, яе нельга знішчыць, таму што мы — гэта памяць, якая жыве ў полымі Вечнага агню, маўкліва глядзіць з пажаўцелых фотаздымкаў, раздаецца голасам званоў Іаана-Прадцечанскай царквы. Яна крочыць разам са мной, каб мы, нашчадкі салдатаў Вялікай Перамогі, помнілі і збераглі яе для сваіх унукаў.